Каманда Літаратурнага музея Петруся Броўкі апошнім часам адчула сябе Магамедам, да якога не ідзе Гара. Паважаныя наведвальнікі, мы вельмі ўдзячны вам за тое, што кожны год вы прыходзіце да нас у Ноч музеяў, але ў суботу вечарам 16 мая заставайцеся там, дзе вам бяспечна і зручна. Нашы прывычныя спадарожнікі – кампутары і смартфоны – якія ўсё ведаюць пра нас, але разумеюць толькі нулі і адзінкі, дапамогуць нам з вамі пагаварыць пра літаратуру і жыццё, наведаць з экскурсаводам пастаянную экспазіцыю музея і часовую выставу, убачыць новыя музейныя праекты, якія мы падрыхтавалі адмыслова для ночы музеяў. Не абыдзецца і без фондавых сюрпрызаў – мы сабралі для вас калекцыю недарэчных прадметаў, якім шанец быць выстаўленымі выпадае раз на 100 год. 2020 год дзіўным чынам мяняе не толькі наша жыццё, але і жыццё музейных прадметаў. Чакаем вас анлайн:
ZOOM
18.00 – 18.40
Літаратурная сустрэча “Беларускія літаратурныя экспрэсіяністы ХХ стагоддзя” з Васілём Дранько-Майсюком (папярэдняя рэгістрацыя).
YouTube
19.00
- Экскурсія па пастаяннай экспазіцыі “Паэт і час: жыццёвы і творчы шлях Петруся Броўкі” (Карына Кушчанка).
- Экскурсія па выставе “З місіяй – у падарожжа” (Дарыя Карчашкіна).
- Экскурсія па дому на К.Маркса 30, кватэры №4 і мемарыяльных пакоях (Лізавета Вішэўская).
Facebook, Instagram, ВКонтакте
20.00
- Прэзентацыя калекцыі фондавых прадметаў “Калі не цяпер, то праз 100 год” (Наталля Мізон).
- Прэзентацыя фотапраекта Дарыі Карчашкінай “Рукі музея”.
- Прэзентацыя выставы пастэлі Вольгі Владыка “Музейная імпрэсія”.
* Усе праекты пасля Ночы музеяў застануцца на анлайн-платформах.
Падрабязней:
facebook.com/museum.brovka